Welcome to Гомельская областная организация общественное объединение "Белорусское товарищество инвалидов по зрению"   Нажмите, чтобы прослушать выделенный текст! Welcome to Гомельская областная организация общественное объединение "Белорусское товарищество инвалидов по зрению"

Таццяна Чараухіна вядома ў Гомелі і далёка за яго межамі пад псеўданімам Дар’я Дарошка. Знаёмы з ёй і чытачы «ЛіМа» па паэтычных публікацыях. Лірычная гераіня Дар’і — датклівая, тонкая, кранальная, чулая асоба. Гледзячы на фота паэтэсы, дзе яна — маладая і прыгожая — у вялікіх цёмных акулярах, — міжволі падумаеш: гэты аксесуар — даніна модзе… Насамрэч Дар’я страціла зрок, але гэта не стала перашкодай для творчасці. Сёння размова пра тое, што, як бы ні складваўся лёс, заўжды можна ўзняцца над няпростымі абставінамі…

Дар’я, раскажыце, як захапленне тэатрам прыйшло ў ваша жыццё.
— З дзяцінства любіла глядзець фільмы, тэлеспектаклі, слухаць радыёспектаклі — паступова ўзнікла жаданне і самой паспрабаваць сябе ў акцёрскім майстэрстве, адчуць, што гэта такое — быць на сцэне. Маці прывяла мяне ў гарадскі цэнтр культуры — мне тады было 8 гадоў. Трохі выступала там, потым — у іншых тэатральных гуртках. З трынаццаці гадоў наведвала драмтэатры — па чатыры-пяць разоў глядзела кожную пастаноўку. Увесь рэпертуар ведала на памяць, многія моманты прадбачыла. Былі і любімыя акцёры. Але паступаць вучыцца на актрысу не насмелілася — пайшла ў медыцыну. Адпрацаваўшы колькі часу медыцынскай сястрой, паступіла на філфак… Ды ўвесь час лавіла сябе на тым, што жаданне тое даўняе «свярбіць», не знікае. У рэшце рэшт пагрукалася ў тэатр лялек: прайшла кастынг і стала там працаваць, што працягвалася некалькі гадоў, але здароўе станавілася ўсё горш і горш… Давялося звольніцца. Уладкавалася ў бібліятэку — працаваць там было прасцей… Цяпер займаюся толькі самадзейнасцю. Працягваю наведваць гарадскія тэатры — у асноўным, слухаю пастаноўкі. Уяўлення хапае, каб усё гэта «ўбачыць» унутраным зрокам. Пра многае здагадваюся. Людзей гэта здзіўляе: маўляў, так яно і было!

— А што, на вашу думку, галоўнае ў прафесіі акцёра?
— Для мяне гэтая прафесія адна з самых цікавых. Зразумела, што такое быць акцёрам, толькі пасля сарака гадоў, ужо будучы невідушчай. Рэч у тым, што дагэтуль цяга была напаўсоннай, напалову апантанай. Ды ўрэшце прыйшло адкрыццё: на сцэне ты творыш усім сабой, наколькі можаш, усёй сваёй прыродай, арганікай. Найгалоўнейшае — наколькі дакладна табе ўдаецца перадаць тое, што хоча рэжысёр, тое, што ты сама хочаш і адчуваеш. То-бок, не толькі адчуць, але і перадаць. Каб гэта не толькі ўбачылі, але і адчулі ўсёй душой гледачы — узровень зусім іншы.

— А якая ваша гераіня? Драматычная ці больш камедыйная?
— Хаця я і працавала ў тэатры лялек, адчуваю сябе драматычнай актрысай. Вельмі люблю глыбокія псіхалагічныя ролі. У нечым нават трагедыйныя. У мяне ў спектаклі «Споведзь на мяжы трылера» ў тэатры «Інклюзіён» была роля трагічнай жанчыны: яна страціла розум, калі аслепла. Пайшла нават на забойствы, была нарка- і алказалежнай, а напрыканцы загінула… То-бок, уся гэтая гісторыя вядзе да высновы, што не трэба пакідаць чалавека сам-насам, калі з ім здараецца нешта кепскае. Люблю такія ролі… Яны дапамагаюць мне.

 -Ці згодны вы з тым, што кожная жанчына ў паўсядзённым жыцці павінна быць хаця б трошачкі актрысай?
— Яно так і ёсць! Дый не толькі жанчына — мужчына таксама! А дзесьці і жывёлы: якія ўмільныя вочкі яны часам робяць, каб атрымаць ласунак! Гэта ў нашай прыродзе. У чымсьці мы як малпачкі (смяецца. — Заўв. рэд.).

— Ці дапамагае тэатр пераадолець складаныя абставіны?
— Гэта жыццё, як яно ёсць. Дзе ёсць і мая слепата, і тэатр, і вершы — вось так яно і ідзе. А справіцца з гэтым найперш дапамагаюць мой муж (у суаўтарстве з мужам, паэтам Уладзімірам Чараухіным, у Дар’і выйшлі тры зборнікі: «Не наступайце птушцы на крыло», «Альтанка» і «Маяк». — Заўв. рэд.), сябры і бацькі. Маё светаадчуванне: я сама, мае вершы, мой тэатр, мае сны, маё ўяўленне.

— Чым займаецеся цяпер?
— «Інклюзіён» паўтара года як у мінулым. Цяпер я — сярод здаровых людзей, прывучаю іх да сябе. Гэта народны тэатр «ДК «Фэст»». У мяне ролі ў звычайных спектаклях.

— Можна яшчэ на завяршэнне колькі слоў пра гісторыю вашага псеўданіма — Дар’я Дарошка?
— Гадоў дзесяць таму зразумела, што хачу псеўданім. Паэты — людзі вельмі ўражлівыя, ранімыя. І калі цябе крытыкуюць і называюць тваім уласным імем, — гэта балюча. А калі я чытаю, напрыклад, што «спадарыня Дар’я напісала так і так, па сутнасці, яна здзейсніла паэтычнае самагубства», гэта ўжо не крыўдзіць… З дзяцінства падабалася імя Дар’я, нават кніжка была ў маленстве — «Пра нашу Дашу» — з выявай прыгожай дзяўчынкі з яблычкам у руцэ на вокладцы. Пыталася ў маці: чаму пра нашу Дашу, а не пра нашу Танюшу?  А Дарошка — дзявочае прозвішча.

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Интернет-портал газеты “Звязда”
https://zviazda.by/be/news/20221027/1666881725-bachyc-unutranym-zrokam-darya-daroshka-pra-zhyccyovy-i-tvorchy

 

от gomelobl

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Нажмите, чтобы прослушать выделенный текст!