Даволі часта пішуць пра землякоў-доўгажыхароў. І, шчыра кажучы, тэма гэтая нам па душы, таму што ёсць у гэтых людзях нешта сапраўднае, простае, шчырае і мудрае. Нагодай для з’яўлення гэтага матэрыялу стаў 90-гадовы юбілей, які днямі адзначыла петрыкаўчанка Лідзія Валяр’янаўна Жмодзік. У нашай краіне, пры сярэдняй працягласці жыцця ў жанчын 78 гадоў і 4 месяцы, такі ўзрост сам па сабе ўжо пачэсны.
Паважаная жанчына, ветэран без малога з 40-гадовым стажам працы ў раённай ветэрынарнай станцыі, сустракала гасцей і прымала віншаванні.
Жыццялюбству, аптымізму і бадзёрасці гэтай жанчыны можна па-добраму пазайздросціць.
У цёплай душэўнай абстаноўцы прыйшлі павіншаваць юбілярку, выказаць падзяку за шматгадовую сумленную працу, пажадаць моцнага здароўя, шчасця, цёплай сямейнай утульнасці калегі з райветстанцыі. Лідзія Валяр’янаўна амаль 40 гадоў прысвяціла рабоце ў сістэме, добрасумленна і карпатліва выконвала сваю працу.
Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас жанчыны ў гэты дзень і ад прадстаўнікоў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Як справядліва зазначыла дырэктар цэнтра Галіна Сухоцкая, наша гераіня належыць да легендарнага пакалення пераможцаў і стваральнікаў, якое з гонарам прайшло праз найцяжэйшыя выпрабаванні ваеннага часу, аднавіла краіну, стварыла той фундамент, які, без перабольшання, служыць нам і сёння. Яе жыццёвы шлях, любоў да Радзімы, мае датычнасць да лёсу кожнага, хто з ёй побач, аптымізм і жыццялюбства з’яўляюцца годным прыкладам для ўсіх нас. Разам з цёплымі словамі віншаванняў і пажаданнямі моцнага здароўя, невычэрпнай бадзёрасці духу, даўгалецця ветэрану былі ўручаны кветкі і падарункі.
Нягледзячы на салідны ўзрост, жанчына добра памятае ўсё сваё жыццё, якое было няпростым, напоўненым штодзённай працай, клопатамі і пераадоленнем шматлікіх выпрабаванняў.
– Нарадзілася я на Віцебшчыне, гадавалася ў простай сялянскай сям’і. Было цяжка – мае дзіцячыя гады прыпалі на суровы ваенны час. Хапіла ўсяго – і страху, і хвароб, і холаду, і голаду, – з болем расказвае Лідзія Валяр’янаўна. – Калі пачалася вайна, мне ішоў 7-мы год, восенню я павінна была пайсці ў школу. Аднак на доўгія тры з паловай гады ўся сям’я аказалася на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Пасля вайны я ўсё ж пайшла ў школу. Вучылася добра, скончыла 7 класаў і паступіла ў тэхнікум, які, між іншым, скончыла з адзнакай. Марыла пра вышэйшую адукацыю, таму пайшла на завочнае аддзяленне ветэрынарнага інстытута. Па размеркаванні ў 1960 годзе прыехала на працу ў Петрыкаў, тут і засталася.
Як пазначыла ў час размовы наша гераіня, у пасляваенныя гады аднаўляць даводзілася не толькі зруйнаваную ворагам краіну, але і сельскую гаспадарку. Вельмі многа страшных інфекцыйных хвароб “гуляла” ў першыя пасляваенныя гады: бруцэлёз, туберкулёз і іншыя. Працавалі многа, у гаспадарках, як гаворыцца, днявалі і начавалі.
У час размовы жанчына неаднаразова паўтарала, што ветэрынарыя не церпіць нядбайнасці, а патрабуе дысцыпліны і адказнасці. І толькі дзякуючы працавітасці можна дабіцца поспеху – як у жыцці, так і ў рабоце.
На Петрыкаўшчыне наша гераіня знайшла сябе не толькі ў прафесіі, тут яна сустрэла жаночае шчасце. З першага дня знаёмства з будучым мужам паміж імі завязаліся цёплыя адносіны, і яны вырашылі звязаць свае лёсы ў адзін. Рука аб руку ішлі па жыцці каля 40 гадоў. Выгадавалі і выхавалі дачку.
На жаль, муж рана пайшоў з жыцця. Гонар і багацце гераіні – яе дачка, унук і праўнук, якія не забываюць, прыязджаюць, дапамагаюць і падтрымліваюць яе ва ўсім.
За год да выхаду на заслужаны адпачынак у нашай гераіні пачалася атрафія зрокавага нерва, яна пачала імкліва губляць зрок. Аднак пра звальненне з работы і гаворкі не ішло: і абласное кіраўніцтва, і калегі дапамаглі дапрацаваць да выхаду на заслужаны адпачынак. За добрасумленную працу жанчына ўзнагароджана шматлікімі ганаровымі граматамі, падзякамі. Мае званне “Ветэран працы”.
Пасля выхаду на пенсію Лідзія Валяр’я-наўна ўзначаліла раённую арганізацыю інвалідаў па зроку і дваццаць пяць гадоў вяла актыўную грамадскую работу.
У размове жанчына не аднойчы пазначыла, што за ўсё ўдзячна лёсу і Усявышняму – за радасці і гароты, якія выпалі на долю, за перажытыя цяжкасці, выпрабаванні, якія не зламалі, за тых добрых і шчырых людзей, з якімі давялося побач жыць і працаваць.
На пытанне “ў чым сакрэт даўгалецця” – гераіня з усмешкай адказала: “Які тут сакрэт. Трэба любіць жыццё, людзей, не ленавацца і працаваць”. Павучыцца б і ўсім нам жыццёвай мудрасці ў Лідзіі Валяр’янаўны, якая цвёрда верыць, што калі чалавек жыве ў згодзе і міры з сабой, людзьмі, прыродай, то яму ўсё ў радасць.
Лідзію Валяр’янаўну можна слухаць бясконца. Выдатная суразмоўца, за час гутаркі яна ні разу не спаслалася на непамятлівасць, распавядаючы цікавыя гісторыі.
На развітанне гераіня падзякавала ўсім за ўвагу і пажадала пражыць доўгае, шчаслівае, а галоўнае, годнае жыццё пад мірным небам. Пранёсшы праз дзесяцігоддзі памяць пра жахі вайны, жанчына, як ніхто іншы, ведае цану мірнага жыцця і жадае сучасным пакаленням захаваць гэты спакой.
– Самая галоўная наша каштоўнасць – мірнае неба над галавой, – сказала гераіня. – Трэба гэта шанаваць і берагчы. Хочацца, каб на нашай зямлі ніколі больш не раздаваліся стрэлы і выбухі снарадаў, каб нашыя блізкія ніколі не зведалі, што такое вайна.
Паважаная Лідзія Валяр’янаўна, калектыў “ПН” ад усёй душы віншуе вас з юбілеем і жадае моцнага здароўя! Няхай сэрца штодня напаўняецца цеплынёй і любоўю, падоранымі вам роднымі і блізкімі.
Интернет-портал газеты “Петрыкаускiя навiны”http://petrikov.by/za-syo-ya-dzyakuyu-lyosu/