Святлана Каленчукова, мае інваліднасць па зроку. Яна не бачыць навакольны свет, яна яго адчувае…
З’яўляецца дыпламантам трэцяй ступені ў намінацыі “вершы” ў Міжнародным конкурсе “Пачуць адзін аднаго” г. Курск, Расійская Федэрацыя 2013 год, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі ім. В. С. Алёхіна Г. Курск, Расійская Федэрацыя, дыплом першай ступені ў намінацыі “Проза” на міжнародных Алёхінскіх чытаннях г. Курск, Расійская Федэрацыя 2017 год, старшыня Рэчыцкага аддзялення РГА Беларускі літаратурны саюз «Полацкая галіна».Неаднаразова станавілася пераможцам у раённых, абласных, рэспубліканскіх паэтычных конкурсах. Раённая газета “Дняпровец” г. Рэчыца пастаянна публікуе новыя вершы жыццялюбнай і творчай паэткі. У яе вершах далікатных, душэўных, праніклівых апяваюцца прыгажосць, дабрыня і любоў.
На вашу ўвагу, прапануем верш аб малой радзіме ад Святланы Каленчуковай, г. Рэчыца.
Белы бусел. Чэрвень 2015
Ёсць у сэрцы глобуса краіна –
Белая і чыстая зямля.
Крыламі спавітая буслінымі
Родная староначка мая.
Мова калыханкаю ільецца
Разам з мацярынскім малаком,
А сучаснае з мінулым ў’ецца
Пад старым апаленым дубком.
Абдыму,
Адчую боль і моц…
Па галлі, нібыта, як па венах
Жудам, жахам крываточыць лёс.
Памяццю жывой шапоціць лісце:
– Не забудзь. Ніколі не забудзь…
Парасло гадамі папялішча
Зноў буслы гняздо на дубе ўюць.
Позірк узніму ў блакіт нябёсаў –
Пырсне сонейка ў твар цяплом.
І з бусламі да аблок бялёсых
Мары паляцяць мае штодзён.
Белы бусел – птушка Беларусі –
Сіімвал міру, шчасця і сям’і.
Мару аб адным я і малюся,
Каб ніколі не было вайны.
Сэрцайка кранецца запаветаў…
Да дубочка зноў ляцяць буслы.
Спадчыну ад прадзедаў і дзедаў
Цалкам абяцаю сберагчы.
Са слоў Святланы-яна вельмі шмат марыць, але гэта ані не перашкаджае быць рэалісткай.
“Напэўна, калі марыш, свет бачыцца па-іншаму. Ёсць мары рэальныя, якія ўвасабляюцца ў жыццё, дзякуючы Любові, Жадання і Імкнення.
А ёсць мары не увасобленыя, непадатлівыя чалавечым намаганням.
Адносна на ўсё ёсць воля лёсу. І, напэўна, чалавек прыходзіць у гэты свет, каб тварыць.
Тварыць дабро”.
Пажадаем Святлане далейшых творчых поспехаў.